Даведачная інфармацыя

Віцебская вобласць – самы паўночны рэгіён Беларусі, размешчаны ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны і верхняга цячэння Дняпра. На ўсходзе яна мяжуе са Смаленскай, на поўначы – з Пскоўскай абласцямі Расійскай Федэрацыі, на паўночным-захадзе – з Латвіяй, на захадзе – з Літвой і Гродзенскай вобласцю, на поўдні – з Мінскай і Магілёўскай абласцямі Рэспублікі Беларусь. Працягласць з усходу на захад складае больш за 300 км, з поўначы на поўдзень – 175.

З-за багацця азёр і рэк Віцебшчыну называюць ”беларускай Швейцарыяй“, ”блакітнай жамчужынай“ краіны. Яна славіцца ўнікальнай маляўнічай прыродай, шырокімі ляснымі масівамі з добразахаванымі натуральнымі балотнымі ўгоддзямі. Для яе характэрны багаты, разнастайны жывёльны і раслінны свет, вялікая колькасць помнікаў прыроды і запаведных месцаў.

Віцебская вобласць – развіты прамысловы рэгіён Беларусі. Прадукцыя віцебскіх таваравытворцаў пастаўляецца ў дзясяткі краін свету. Асноўныя галіны прамысловасці ў рэспубліканскіх аб’ёмах вытворчасці складаюць: паліўная, харчовая, лёгкая, хімічная, нафтахімічная і  электраэнергетыка.

Сельская гаспадарка вобласці забяспечвае рэгіён прадуктамі харчавання, а перапрацоўчую галіну – сыравінай. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці малака, свініны, птушкі, вырошчванні лёну, збожжа, гародніны.

Нетры Віцебшчыны багатыя карыснымі выкапнямі, сярод якіх – даламіт, гліна, торф, пясок, мінеральныя воды.

Віцебская зямля славіцца імёнамі, што складаюць гордасць славянскай і сусветнай культуры (асветніца Еўфрасіння Полацкая, гуманіст Францыск Скарына, філосаф і педагог Сімяон Полацкі, мастакі Язэп Драздовіч, Марк Шагал, Міхаіл Савіцкі, пісьменнікі і паэты Ян Баршчэўскі, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, фізік Жарэс Алфёраў і іншыя).

Віцебшчына – радзіма знакамітага міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“.

Магутны эканамічны і культурны патэнцыял, выгаднае месцазнаходжанне ў непасрэднай блізкасці да рынкаў краін Еўрасаюза і Расійскай Федэрацыі, развітая сетка транспартных камунікацый, высокі патэнцыял навукова-тэхнічных кадраў робяць вобласць прывабнай для айчынных і замежных дзелавых партнёраў.

Абапіраючыся на назапашаны чалавечы і вытворчы патэнцыял, вобласць будзе і  далей памнажаць сваю славу і аўтарытэт.