Сенненскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб ”Алімп“ стаў месцам правядзення раённага этапу рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”, прысвечанай 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яна праводзілася сярод малодшых членаў грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання, фізічнага развіцця членаў піянерскай арганізацыі. Арганізатарамі “Зарнічкі” сталі аддзел па адукацыі Сенненскага райвыканкама і Сенненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Яны лічаць, што выхаванне патрыятычных пачуццяў павінна пачынацца з малых гадоў, а “Зарнічка” якраз і заклікана абудзіць цікавасць да ваеннай гісторыі краіны і абароны Радзімы.
За званне мацнейшай змагалася пяць каманд устаноў адукацыі раёна. “Зарнічка” – гэта каманднае спаборніцтва па выкананні інтэлектуальных і абаронна-спартыўных заданняў. Яна ўключала агляд строю акцябрацкіх войск “Будзь гатовы!”, спаборніцтва “Маленькія грамадзяне вялікай краіны” (віктарына), “Ваенізіраваную эстафету” (каманднае пераадольванне перашкод), ”Зарнічка-перазагрузка“ (квэст).
У выніку акцябраты-зарнічнікі выдатна справіліся з усімі задачамі гульні, паказалі сябе не толькі смелымі, але і спрытнымі, хуткімі, дружнымі, сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны. І ўсё ж пераможца толькі адзін. Лідарам раённага этапу ”Зарнічкі“ стаў атрад ”Наследники“ Багушэўскай сярэдняй школы імя А.Э.Марфіцкага. Хутка “Наследники” будуць абараняць гонар раёна на аналагічных абласных спаборніцтвах. Другое месца падзялілі ”Звездочки“ Сярэдняй школы №1 г. Сянно імя З.І. Азгура і ”Крепость“ Сярэдняй школы № 2 г. Сянно імя А.К.Касінцава. Трэцяе месца таксама ў дзвюх акцябрацкіх атрадах – ”Звезда“ Машканскай сярэдняй школы імя А.К.Гараўца і ”Орлёнок“ Студзёнкаўскай сярэдняй школы імя П.Л.Бабака.
Ад душы віншуем усіх удзельнікаў, а таксама іх кіраўнікоў і дзякуем за падрыхтоўку і тое пачуццё патрыятызму, якое вы прывіваеце нашым дзецям!
Ціханава В.У., дырэктар Сенненскага РЦДіМ









