”Другое дыханне“ легенд роднага краю

Легенды, міфы і паданні – гэта скарбніца народнай мудрасці, менавіта ў іх – голас нашых продкаў, іх побыт, іх філасофія. Яны – падмурак нашай беларускай унікальнасці, і іх неабходна беражліва захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне, каб не страціць сувязь з уласным мінулым, якое атаясамліваецца з паняццем ”малая радзіма“. Легенды аб малой радзіме дапамагаюць кожнаму чалавеку зразумець, хто ён, адкуль, і фарміруюць пачуццё гонару і адказнасці за гэты куток зямлі.

Тэме легенд нашай малой радзімы быў прысвечаны доўгатэрміновы праект ”Арт-лабараторыя. Ажыўшыя легенды роднага краю“, які быў рэалізаваны ў рамках V Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў ”Нашчадкі традыцый“.

У праекце мясцовыя легенды атрымалі ”другое дыханне“. Удзельнікі лабараторыі – навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Сенненскага раёна не проста ілюстравалі сюжэты – яны інтэрпрэтавалі іх, укладваючы асабістае стаўленне да культурнай спадчыны. Кожная праца – гэта масток паміж пакаленнямі.

Выніковым прадуктам з’яўляецца электронны альбом творчых работ ”Ажыўшыя легенды роднага краю“ удзельнікаў праекта, якія пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў пераасэнсавалі лакальныя міфы праз прызму сучаснага візуальнага мастацтва.

Праект і яго творчы прадукт атрымаў высокую адзнаку на абласным узроўні – дыплом першай ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і накіраваны на заключны этап V Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў ”Нашчадкі традыцый“, які адбудзецца ў красавіку бягучага года.

Дзякуем за захопленасць, працу і фантазію ўдзельнікаў праекта, работы якіх увайшлі ў альбом мастацкіх твораў, а таксама педагогаў дадатковай адукацыі, бо, абапіраючыся на іх дапамогу, навучэнцы паспяхова пераклалі мясцовыя легенды на мову жывапісу, тэатра, мастацкага слова, анімацыі.

Каржыцкая В.В., кіраўнік праекта

”Арт-лабараторыя. Ажыўшыя легенды роднага краю“

Author: admin-rcdim