Ствараць робатаў на аснове канструктара для праграміравання, задаваць ім дзеянні, выбудоўваючы спецыяльныя алгарытмы, а таксама распрацоўваць свае першыя праграмы, вучаць у аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка”, якое створана на базе Цэнтра дзяцей і моладзі.
За паўтара месяца заняткаў школьнікі дабіліся многага. Цяпер яны дакладна ведаюць у чым розніца паміж робатам і простым механізмам. Склалі і запусцілі машыну, якая мяняе траекторыю руху пры сутыкненні з перашкодай. Задалі алгарытм дзеянняў робату па размяркоўванні пластмасавых элементаў па колерах. “Тое, чым сёння займаюцца мае выхаванцы, толькі на першы погляд здаецца простым. На самай справе – гэта складаная работа, — адзначае Андрэй Іваноў. – Пакуль мы працуем па інструкцыі, што ішла з канструктарамі. Наперадзе вырашэнне і больш складаных задач — стварэнне сваіх робатаў, асваенне 3D мадэліравання і іншае”.
Дзеці з задавальненнем наведваюць заняткі, што праходзяць адзін раз у тыдзень у другой гарадской школе. Гэта своеасаблівае IT-таварыства, дзе навучэнцы цэнтра разбіраюцца ў асновах праграміравання, дзеляцца сваімі дасягненнямі. Ім падабаецца працаваць у камандзе, крэатыўна мысліць, ствараючы штосьці цікавае.
- Па матэрыялах газеты «Голас Сенненщины»