Гонар і надзея землякоў

17 верасня ўпершыню ў гісторыі нашай краіны адзначалася дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.

Дзмітрый Ільюшэнка і вядучы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Генадзь Аўсяннікаў

 У канцэртнай праграме выступілі вядучыя мастацкія калектывы, салісты, лепшыя навучэнцы – дыпламанты розных дзіцячых творчых конкурсаў. У іх выступленнях прагучалі творы, прысвечаныя Беларусі-адзінай, магутнай і гасціннай, якая працягвае руку сяброўства ўсім народам і суседзям, усім, хто жадае жыць на зямлі мірна.

Самым кранальным і яркім момантам для сенненцаў, якія глядзелі трансляцыю свята па тэлебачанні, было выступленне Дзмітрыя Ільюшэнкі, выхаванца Сенненскай школы-інтэрната, які сёлета скончыў 9 класаў. Чытальніцкі талент хлопчыка неаднаразова адзначаўся на рознаўзроневых конкурсах. Гэта перамогі ў раённым фестывалі дзіцячай творчасці ”Ранішняя зорка“, у абласных і рэспубліканскіх фестывалях  ”Добры дзень, свет!“ , ”Жывая класіка“, ”Вясёлкавы карагод“.

Выдатнае валоданне роднай мовай, уменне трымацца на вялікай сцэне, асаблівы прыродны артыстызм (гэта таксама адзначыў і вядучы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы  Генадзь Аўсяннікаў) выклікалі гонар землякоў і надзею, што далейшы лёс Дзмітрыя будзе звязаны з тэатральным мастацтвам, якое прапагандуе і ўвекавечвае творы класікаў беларускай літаратуры.

В. Каржыцкая, намеснік дырэктара Сенненскага РЦДіМ

Author: admin-rcdim

Добавить комментарий