Ад выхаваўчай да прафарыентацыйнай

У рамках года гістарычнай памяці 18 жніўня для выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба ”Спарта“ Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі была арганізавана экскурсія з наведваннем мемарыяльных комплексаў ”Хатынь“, ”Курган Славы“, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

         Вёску Хатынь ужо не знайсці на карце Беларусі. Увесну 1943 года яна разам з усімі жыхарамі была знішчана фашыстамі. Загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. На месцы спаленых дамоў ў 1969 годзе быў створаны мемарыяльны комплекс з аднайменнай назвай, які з’яўляецца сімвалам для ўсёй краіны, для ўсіх знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны пасёлкаў і вёсак. І сёння, успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы іншых беларускіх вёсак, а таксама нашу в. Марозаўка, сцёртых з карты жорсткасцю нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтыя трагедыі не павінны паўтарацца.

Будзем памятаць

         Такія падзеі вельмі эмацыянальныя, але ў той жа час неабходныя для выхавання і захавання памяці для падрастаючага пакалення.

         Другім пунктам экскурсійнага маршруту стаў Курган Славы – адно са знакавых памятных месцаў нашай краіны. Узыходжанне выхаванцамі клуба на вяршыню Кургана было не толькі пераадоленнем перашкоды, але магчымасцю ўшанаваць памяць пра дзядоў і прадзедаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у Вялікую Перамогу.

         У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які з’явіўся наступным экскурсійным аб’ектам, сапраўдныя дакументы ваенных гадоў, велізарная экспазіцыя ваеннай тэхнікі і зброі, мультымедыйныя экспанаты, асабістыя рэчы і ўзнагароды ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны пагрузіла спартаўцаў у атмасферу тых гадоў, у трагічныя гады нашай Радзімы. Асаблівае ўражанне на падлеткаў зрабілі экспазіцыі баявой тэхнікі і ўзбраення: знакамітая ”Кацюша“, танкі Т-34, стралковая і артылерыйская зброя, ваенна-транспартны самалёт ЛІ-2.

         Наведванне музея пакінула незабыўныя ўражанні. А гід, якая праводзіла экскурсію, была ўражаная гістарычнымі ведамі пра вайну нашых выхаванцаў, якія актыўна ўключаліся ў дыялог.

         Не выпадковым экскурсійным аб’ектам быў абраны Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. У музеі дзецям расказалі аб гісторыі развіцця ўстановы. У памяшканнях вучэбна-лабараторнага комплексу выхаванцам была прадастаўлена магчымасць убачыць перадавую беларускую сельскагаспадарчую тэхніку. Яе шырокае прымяненне дапамагае работнікам сельскай гаспадаркі ўносіць вялікі ўклад у харчовую і, такім чынам, у нацыянальную бяспеку нашай краіны.

В.В.Каржыцкая, намеснік дырэктара Сенненскага РЦДіМ

Author: admin-rcdim