Пазнанне малой радзімы

Рух часу пастаянны. Адно пакаленне змяняе другое. Самае галоўнае пры гэтым з павагай ставіцца да гісторыі свайго мінулага, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія пакінуты нам у спадчыну, а таксама берагчы і памнажаць іх.

Праз пазнанне малой радзімы, яе гістарычнай і культурнай спадчыны чалавек усведамляе сваю прыналежнасць да гісторыі краіны, яе мінулага, сучаснага і будучага. Малая радзіма – гэта калыска чалавека. Кожнаму чалавеку дорага і блізка тое месца, дзе ён нарадзіўся і вырас. Культурна-гістарычная спадчына нашай малой радзімы – Сенненшчыны – варта таго, каб пра яе ведалі не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі.

Мы хочам, каб нічога не знікла бясследна, каб у нашых сэрцах засталася памяць аб нашых вядомых земляках, якія ўнеслі свой уклад у развіццё нашай малой радзімы, Віцебскай вобласці, Рэспублікі Беларусь. Увасабленню ў жыццё гэтага жадання спрыяў удзел навучэнцаў у раённым этапе абласнога конкурсу творча-даследчых мастацкіх праектаў ”Гісторыя Віцебшчыны ў асобах“, прысвечанага Году міру і стварэння, 85-годдзю Віцебскай вобласці.

У ходзе работы над творчымі праектамі ўдзельнікі конкурсу вывучалі жыццё і дзейнасць знакамітых землякоў ураджэнцаў Сенненшчыны, Віцебскага краю, вядомых людзей, дзейнасць якіх была звязана з Віцебшчынай. Сваё стаўленне да папулярызацыі імёнаў знакамітых землякоў сродкамі даследчай і мастацкай дзейнасці навучэнцы выказалі ў невялікіх празаічных творах, апісанні праектаў, дзе паказвалася іх актуальнасць і значнасць, рабiўся агляд праведзенай калектыўнай працы.

Лепшыя работы, а гэта праекты СШ №1 г.Сянно, СШ №2 г. Сянно, Багушэўскай СШ, Беліцкай СШ, Машканскай СШ, Сенненскага РЦДіМ, былі адзначаны дыпломамі аддзела па адукацыі і зараз прымаюць удзел у абласной выставе. Па вяртанні партрэты з выявамi вядомых людзей (беларускага скульптура, Героя Сацыялістычнай Працы, Народнага мастака СССР З.І. Азгура, Героя Савецкага Саюза А.К. Гараўца, Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь мастака У.К. Гоманава, аўтара арнаментальнага ўзору, размешчанага на дзяржаўным сцягу нашай краіны М.С. Маркевіч, мастака-жывапісца Я.Н. Драздовіча, класіка беларускай літаратуры Янкі Купала, які пачынаў працоўную дзейнасць на Сенненшчыне) змогуць заняць годнае месца ў школьных музеях, гісторыка-краязнаўчым музеі нашага райцэнтра.

В.В. Каржыцкая, загадчык аддзялення дадатковай адукацыі

Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі

Author: admin-rcdim